Текущий выпуск

2024: CTRL+S. Права на спадчыну

Прадстаўляем вашай увазе чацвёрты выпуск альманаха Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта «CTRL+S», прысвечаны культурнай спадчыне. Тэма сёлетняга выпуску – «Права на спадчыну».

Складаючы гэты выпуск, мы зыходзілі з таго, што культурная спадчына – гэта сацыяльная з’ява і сродак камунікацыі. Спадчына – не проста старыя камяні або фальклорныя абрады. Гэта перадусім каштоўнасці і сэнсы, накіраваныя не столькі на мінулае, колькі на сучаснасць і будучыню. Заяўляючы аб сваёй спадчыне, нацыянальныя супольнасці ды іншыя носьбіты культуры паведамляюць іншым аб уласным існаванні, акрэсліваюць культурную своеасаблівасць ды прыцягваюць увагу да бягучых праблем. Якія ж інструменты ды інстытуты робяць усё гэта магчымым?

Адзін з найважнейшых, але ўсё яшчэ мала даследаваных – гэта шматвымерная канцэпцыя культурных правоў. Права на спадчыну, на доступ да культурных каштоўнасцей і ўдзел у кіраванні імі з’яўляецца часткай агульнай канцэпцыі культурных правоў, заснаванай на правах чалавека, якая уключае ў сябе права на самавызначэнне, права на ўдзел у культурным жыцці, культурныя правы меншасцей, права на адукацыю, свабоду меркаванняў і іх выказвання, свабоду рэлігіі і перакананняў. Але як гэтыя, здавалася б, юрыдычныя абстракцыі, увасабляюцца ў рэальным жыцці? Чыя праца стаіць за тым, каб супольнасці маглі скарыстацца сваімі правамі? Адказы на гэтыя пытанні сталі цэнтральнай тэмай выпуску, які складаецца з двух вялікіх раздзелаў.

Першы раздзел з’яўляецца вынікам праекта-даследвання «Спадчына Вільнюса як прастора для рэалізацыі культурных правоў», які нашыя выкладчыкі і студэнты выканалі разам на працягу вясны–восені 2024 года. Падрабязней пра яго задуму можна пачытаць у невялічкай прадмове ў самім раздзеле. Тут пазначу толькі, што па прачытанні яго адзінаццаці тэкстаў у чытача складзецца лепшае разуменне не толькі тэорыі і практыкі імплементацыі культурных правоў, але і культурнай спадчыны Вільнюса. Вы пабачыце яе як вынік самаадданай дзейнасці вялікай колькасці арганізацый і ініцыятыў, якія, працуючы са спадчынай, спрыяюць вырашэнню сацыяльных, экалагічных і эканамічных праблем.

Другі раздзел «Супольнасці і культуры» носіць больш навуковы характар. Тут выпускнікі магістратуры і выкладчыкі нашых праграм па спадчыне, а таксама сябры ўніверсітэта дзеляцца вынікамі ўласных даследванняў. Вельмі радасна, што большасць з іх, нягледзячы на складаныя абставіны і жыццё па-за межамі ўласных краін, працягваюць акадэмічную або арганізацыйную кар’еру ў сферы культуры. З шасці артыкулаў, што складаюць раздзел, хацелася б асабліва вылучыць тэкст Дзмітрыя Дрожжы, які паказвае шлях канструявання беларускіх фальклорных спеваў, якімі мы іх ведаем. Серж Тубаш піша пра відэагульні ў сучасным музеі, пры экспанаванні якіх «раптам» выяўляецца праблема: культавыя гульні не адпавядаюць зменлівым маральна-этычным нормам. Нарэшце, Рэната Ганінец піша пра новыя вымярэнні, якія атрымлівае праблематыка захавання яўрэйскай спадчыны ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе, дзе амаль не засталося яўрэйскіх абшчын. Іншыя артыкулы прысвечаныя аспектам дысанантнай памяці, функцыянаванню супольнасцей спадчыны і, нечакана, адносінам Марка Шагала з яго родным Віцебскам.

Нарэшце, апошні матэрыял выпуску – хроніка аднаго акадэмічнага года жыцця бакалаўрскай і магістарскай праграм па культурнай спадчыне ЕГУ, падрыхтаваная нашым выкладчыкам і куратарам Алегам Вінічэнкам. Як бачыце, мы час не гублялі. І спадзяёмся папрацаваць яшчэ!

Опубликован: 2025-01-31

Змест

Показать все выпуски