Online ISSN 3030-1351
-
CTRL+S. Права на спадчыну
2024Прадстаўляем вашай увазе чацвёрты выпуск альманаха Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта «CTRL+S», прысвечаны культурнай спадчыне. Тэма сёлетняга выпуску – «Права на спадчыну».
Складаючы гэты выпуск, мы зыходзілі з таго, што культурная спадчына – гэта сацыяльная з’ява і сродак камунікацыі. Спадчына – не проста старыя камяні або фальклорныя абрады. Гэта перадусім каштоўнасці і сэнсы, накіраваныя не столькі на мінулае, колькі на сучаснасць і будучыню. Заяўляючы аб сваёй спадчыне, нацыянальныя супольнасці ды іншыя носьбіты культуры паведамляюць іншым аб уласным існаванні, акрэсліваюць культурную своеасаблівасць ды прыцягваюць увагу да бягучых праблем. Якія ж інструменты ды інстытуты робяць усё гэта магчымым?Адзін з найважнейшых, але ўсё яшчэ мала даследаваных – гэта шматвымерная канцэпцыя культурных правоў. Права на спадчыну, на доступ да культурных каштоўнасцей і ўдзел у кіраванні імі з’яўляецца часткай агульнай канцэпцыі культурных правоў, заснаванай на правах чалавека, якая уключае ў сябе права на самавызначэнне, права на ўдзел у культурным жыцці, культурныя правы меншасцей, права на адукацыю, свабоду меркаванняў і іх выказвання, свабоду рэлігіі і перакананняў. Але як гэтыя, здавалася б, юрыдычныя абстракцыі, увасабляюцца ў рэальным жыцці? Чыя праца стаіць за тым, каб супольнасці маглі скарыстацца сваімі правамі? Адказы на гэтыя пытанні сталі цэнтральнай тэмай выпуску, які складаецца з двух вялікіх раздзелаў.
Першы раздзел з’яўляецца вынікам праекта-даследвання «Спадчына Вільнюса як прастора для рэалізацыі культурных правоў», які нашыя выкладчыкі і студэнты выканалі разам на працягу вясны–восені 2024 года. Падрабязней пра яго задуму можна пачытаць у невялічкай прадмове ў самім раздзеле. Тут пазначу толькі, што па прачытанні яго адзінаццаці тэкстаў у чытача складзецца лепшае разуменне не толькі тэорыі і практыкі імплементацыі культурных правоў, але і культурнай спадчыны Вільнюса. Вы пабачыце яе як вынік самаадданай дзейнасці вялікай колькасці арганізацый і ініцыятыў, якія, працуючы са спадчынай, спрыяюць вырашэнню сацыяльных, экалагічных і эканамічных праблем.
Другі раздзел «Супольнасці і культуры» носіць больш навуковы характар. Тут выпускнікі магістратуры і выкладчыкі нашых праграм па спадчыне, а таксама сябры ўніверсітэта дзеляцца вынікамі ўласных даследванняў. Вельмі радасна, што большасць з іх, нягледзячы на складаныя абставіны і жыццё па-за межамі ўласных краін, працягваюць акадэмічную або арганізацыйную кар’еру ў сферы культуры. З шасці артыкулаў, што складаюць раздзел, хацелася б асабліва вылучыць тэкст Дзмітрыя Дрожжы, які паказвае шлях канструявання беларускіх фальклорных спеваў, якімі мы іх ведаем. Серж Тубаш піша пра відэагульні ў сучасным музеі, пры экспанаванні якіх «раптам» выяўляецца праблема: культавыя гульні не адпавядаюць зменлівым маральна-этычным нормам. Нарэшце, Рэната Ганінец піша пра новыя вымярэнні, якія атрымлівае праблематыка захавання яўрэйскай спадчыны ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе, дзе амаль не засталося яўрэйскіх абшчын. Іншыя артыкулы прысвечаныя аспектам дысанантнай памяці, функцыянаванню супольнасцей спадчыны і, нечакана, адносінам Марка Шагала з яго родным Віцебскам.
Нарэшце, апошні матэрыял выпуску – хроніка аднаго акадэмічнага года жыцця бакалаўрскай і магістарскай праграм па культурнай спадчыне ЕГУ, падрыхтаваная нашым выкладчыкам і куратарам Алегам Вінічэнкам. Як бачыце, мы час не гублялі. І спадзяёмся папрацаваць яшчэ!
-
CTRL+S. Утопіі нашай спадчыны
2023Трэці выпуск альманаха CTRL+S прысвечаны даволі нечаканай тэме «Утопіі нашай спадчыны». Жывучы ў Вільні – спрадвечным перакрыжаванні еўрапейскіх шляхоў, у віры жудасных падзей апошніх трох гадоў, што ахапілі наш рэгіён, і пазбаўленыя магчымасці дзейнічаць непасрэдна ў Беларусі, мы вырашылі звярнуць увагу на мінулае і будучыню нашай спадчыны. У думках пра гэта мы можам дазволіць сабе раскошу памроіць пра ідэальнае, але адначасова і крытычна, нетаропка паўзірацца ў пройдзены шлях.
Утопія – гэта мара аб ідэальным, аб тым, што ніколі не можа ажыццявіцца. У паўсядзённых размовах выкарыстанне слова ўтопія часта мае негатыўны сэнс. І тым не менш, што, як не прага да ідэальнага, стымулюе нашы роздумы аб тым, як мае развівацца культура і, канешне, якімі павінны быць адносіны грамадства са сваёй спадчынай?
Праца з культурнай спадчынай спрэс грунтуецца на ўтопіях, самая першая з якіх – сама магчымасць спрадвечнага захавання чаго-кольвек. Утапічнымі таксама ўяўляюцца непахіснасць і закансерваванасць таго, што мы захоўваем або магчымасць аднавіць што-кольвек у першапачатковым выглядзе (да чаго часта імкнуцца рэстаўратары). А далей… пастаноўка мінулага «на службу сучаснасці дзеля будучых пакаленняў», ідэалізаваныя ўяўленні аб «залатым веку», зладжаная праца грамадскіх інстытутаў па захаванню каштоўнасцяў, аж да вычарпальнага вывучэння старажытных помнікаў і стварэння новых бескан фліктных методык рэстаўрацыі. Усё гэта па вялікім рахунку ўтопіі!
Як і ў папярэдніх выпусках альманаха, галоўнымі нашымі аўтарамі з’яўляюцца выкладчыкі і студэнты бакалаўрскай і магістэрскай праграм ЕГУ па культурнай спадчыне, а таксама асобы, чый унёсак у справу захавання спадчыны мы вельмі паважаем.
Самы першы позірк на змест выпуска пакажа, што тэмуўтопіі мы збіраемся разглядаць у дзвух аспектах.Уступны раздзел альманаха названы «Утопіі мінулага». Тут пераважна апісваюцца нашы рэтраспектыўныя адносіны са спадчынай. Пад мінулым спадчыны мы разумеем спробу крытычнага (а можа і самакрытычнага?) падсумавання гісторыі адносінаў з ёй; асэнсавання ролі асобных актараў ды інстытуцый у стварэнні вобразаў мінулага, а таксама кіравання, захавання ды аднаўлення спадчыны ў Беларусі і рэгіёне. Аўтары гэтага раздзела імкнуцца прасачыць, як змяняліся ўяўленні аб ідэальным, кантэксты і мэты захавання, як развіваліся працэсы асэнсавання, інтэрпрэтацыі ды ўзаемадачыненні лакальнага і глабальнага; дзяржаўнага і прыватнага; урэшце навуковага і творчага.
Адкрывае раздзел гутарка з, без перабольшання, патрыярхам літоўскай сістэмы аховы культурнай спадчыны Йонасам Рымантасам Глямжай, былым віцэ-прэзідэнтам Міжнароднай рады па помніках і мясцінах (ICOMOS), які працуе ў гэтай сферы з 1958 года і быў сведкам або нават аўтарам шматлікіх міжнародных і літоўскіх пачынанняў у галіне рэстаўрацыі ды захавання. Істотную ролю ў падрыхтоўцы тэкстаў раздзела адыграла правядзенне ў сценах Еўрапейскага Гуманітарнага Ўніверсітэта трохдзённага семінара «Канструяванне і эфектыўная прэзентацыя гісторыі захавання культурнай спадчыны Беларусі» (5–6 ліпеня 2023 года), некаторыя тэксты да якога тут апублікаваныя.
Другі раздзел альманаха прысвечаны погляду ў будучыню. Змяняецца грамадства, развіваецца культура, эканоміка і тэхналогіі. Усё гэта задае дынаміку сферы спадчыны, нараджае свежыя падыходы і ідэі, у рэшце рэшт – чарговыя ўтопіі. Еўрапейскі Саюз, з’яўляючыся сусветным лідарам па рабоце з культурнай спадчынай, усяляк стымулюе развіццё наватарскіх, крэатыўных практык у працы з ёй. Спадчына набывае новыя значэнні, паўстае ва ўсё больш разнастайных увасабленнях, уцягваецца ў грамадскія і эканамічныя адносіны. Што ж перашкаджае нам ужо сёння памроіць ідэальную будучыню? І нашы аўтары яе памроілі!
Гэты раздзел таксама адкрываецца інтэрв’ю, але ўжо з дзеючай віцэ-прэзідэнткай ICOMOS Рыйн Алаталу, якая распавяла пра бягучы міжнародны парадак дня ў сферы культурнай спадчыны, а таксама падзялілася вопытам постсавецкага рэфармавання сістэмы захавання спадчыны ў Эстоніі – яе роднай краіны. Аўтарамі раздзела сталі таксама куратары тэматычных накірункаў «Спадчына і экалогія», «Спадчына і супольнасці», «Спадчына і лічбавыя тэхналогіі», а таксама «Спадчына і новы дызайн» летняй школы «Культурная спадчына і будучыня», якая адбылася ў ЕГУ летась, 11–16 ліпеня 2022 года.
Трэці, дадатковы раздзел, мы вырашылі назваць «Еўрапейская спадчына ў нас». Яго галоўны матыў – асэнсаванне сябе на перакручастых сцяжынах еўрапейскай цывілізацыі, да якой Беларусь без сумніву належыць. Раздзел адкрываецца запісам дыскусіі паміж выдатнымі беларускімі гісторыкамі, прысвечанай пяцісотгоддзю выдання Малой падарожнай кніжыцы Францыска Скарыны. Гэта дыскусія адбылася 6–7 кастрычніка 2022 года ў Вільні, у шыкоўнай залі адноўленага Палаца Вялікіх Князёў Літоўскіх, на палях вялікай канферэнцыі, што адзначыла трыццацігоддзе нашага Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта. Іншыя аўтары гэтага раздзела разважаюць пра роль Дантэ, а таксама аб феномене беларускай мовы як культурнай спадчыны беларусаў. -
CTRL+S. Спадчына як выпрабаванне
2022Гэты выпуск альманаха "CTRL+S. Спадчына як выпрабаванне" быў задуманы яшчэ да пачатку вайны ва Ўкраіне. Тлумачыўшы патэнцыйным аўтарам сутнасць канцэптуальнай задумы, я прапаноўваў ім прысвяцiць матэрыялы адказу на пытанне: «Што можна рабіць з тым, з чым нічога зрабіць немагчыма?». Пытанне гэтае ў дачыненні да культурнай спадчыны было сфармулявана дастаткова даўно, яшчэ нават да беларускіх падзей. Насамрэч, што можна рабіць з аграмаднай колькасцю беларускіх руін, якія патрабуюць захавання, на якое ў краіне зусім не стае рэсурсаў? Што рабіць з дысананснай спадчынай, якая самім існаваннем аспрэчвае міфы аб «добранадзейным» мінулым? Што, нарэшце, можна рабіць з памяццю, з імкненнем захаваць як мага больш культурных здабыткаў, з непераадольным працэсам распаду матэрыяльных субстанцый і гэтак далей, і гэтак далей…
Хто ж мог ведаць, наколькі балюча актуальным стане гэтае пытанне ў святле беларускага палітычнага крызіса, не кажучы ўжо пра пачатак расійскай агрэсіі ва Ўкраіне! Вайна, адной з важкіх прычынаў якой з’яўляецца непераадоленасць расійскім грамадствам гістарычный траўмы, звязанай з распадам савецкай імперыі, а таксама непрапрацаванасць таталітарнага досведу і крытычны недахоп рэфлексіі над спадчынай расійскага каланіялізму. Ці будзе зроблена калісьці гэта праца? І што наогул з гэтым
можна рабіць?...
А пакуль мы жывем у трагічным віры падзей і ў сваіх тэкстах, у сваёй рэфлексіі не можам перастаць думаць пра важнае: пра вайну, пра палітычны пераслед і масавую эміграцыю, і ў рэшце рэшт – пра
саму беларускую культуру, якая, і так будучы надзвычай уразлівай, сёння ў чарговы раз апынулася ў пераломным моманце сваёй гісторыі.
І ўсё ж, цяжкасць сітуацыі, у якой мы апынуліся (а ёй яшчэ ёсць куды пагаршацца!), можна кампенсаваць сілай нашай надзеі і той працай, якая сёння робіцца дзеля лепшай будучыні. Крызіс, любое выпрабаванне заўсёды спрычыняецца да мабілізацыі. Чалавек у пэўным сэнсе наогул становіцца сабраны толькі тады, калі з’яўляецца нешта большае за яго самога. Гэтае большае можа праяўляцца ў самых розных формах: можа ўяўляць сабой выклік, можа прыгнятаць ці, насупраць – зачароўваць. Важна, што толькі апынуўшыся перад гэтым большым, мы і становімся людзьмі.
Думаецца, што вялікая небяспека цяпер знаходзіцца не толькі там, дзе, як сёння, існуе непасрэдная пагроза жыццю і свабодзе. Цяжар нашай памяці, руіны і недасягальная глыбіня культуры таксама ўяўляюць тое большае, той выклік, знаходзячыся перад якім мы становімся людзьмі. Такім чынам, наша спадчына сама ёсць выпрабаванне.
Аўтары гэтага выпуска маюць вельмі розны досвед і ідэнтычнасці: акадэмічныя даследчыкі, менеджэры культуры, актывісты, студэнты, мастакі. Хтосьці мае вопыт несправядлівага затрымання, нехта з’яўляецца міжнароднай зоркай; некаторыя, наогул, праз небяспеку з-за ўласных тэкстаў, пажадалі застацца ананімнымі.Хтосьці піша па-руску, хтосьці (і ўсё больш!) – па-беларуску ці па-англійску. Але для нас не менш важным з’яўляецца тое, што ўсе яны выкладчыкі, студэнты i добрыя сябры праграм нашага
ўніверсітэта па культурнай спадчыне.
Сёлетні выпуск змяшчае два раздзелы. Назва першага – «Спадчына ў крызісе» – адсылае не толькі да бягучых трагічных падзей, але і да пэўнай вычарпанасці традыцыйных уяўленняў і методык працы са спадчынай. Ён пачынаецца з інтэрв’ю з вядомым украінскім рэжысёрам Сяргеем Лазніцай, з якім мы пагутарылі пра бягучыя гістарычныя працэсы і ягоны досвед кінадакументалістыкі. Наступныя матэрыялы прысвечаны таму, як палітычны крызіс у Беларусі, вайна ва Ўкраіне і пандэмія COVID-19 паўплывалі на сферу культурнай спадчыны. Тут жа – спроба твор чай рэфлексіі складаных пытанняў Беларускай ідэнтычнасці і культуры ад мастакоў Максіма Осіпава і Вікторыі Багдановіч.
Другі раздзел – «Выпрабаванне genius loci» – утварыўся як лагічнае развіццё агульнай тэмы зборніка. Геній месца – гэта не толькі філасофская канцэпцыя, невынішчальная тапаграфічная канстанта, што ўяўляе стрыжань культурнага і сацыяльнага развіцця пэўных мясцін; гэта яшчэ і падыход да навучальнага працэса нашай бакалаўрскай праграмы «Еўрапейская спад чына», арганізаванага вакол стварэння магчымасці (і неабходнасці!) судатыкнення з ключавымі топасамі еўрапейскай культуры. Тут чытач знойдзе матэрыялы студэнтаў і выкладчыкаў ЕГУ, якія ўжо перажылі гэты вопыт і цяпер дзеляцца ўласнымі разважаннямі аб ягонай прыродзе. -
CTRL+S. Еўрапейская спадчына
2021Пратэсты супраць масавых фальсіфікацый прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі ў жніўні 2020 года і наступнае брутальнае падаўленне ўсеагульнай нязгоды з іх аб'яўленымі вынікамі сталі неверагодным узрушэннем для беларускага грамадства. Гэтае ўзрушэнне выклікала ланцужок значных змен у грамадскім жыцці, адным з якіх стала цікавасць да гістарычнага мінулага і нацыянальнай культуры. Па сутнасці, сёння мы назіраем перазагрузку беларускай дзяржаўнасці. Які ёй быць заўтра, залежыць ад таго, як мы адрэфлексуем нашу ідэнтычнасць і нашае месца ў прасторы і часе. Усё гэта надзяляе публічную дыскусію пра беларускую гісторыю і культуру асаблівай важнасцю. І менавіта размова аб спадчыне, на наш погляд, складае касцяк гэтага абмеркавання. Бо спадчына - гэта не старыя камяні. Гэта - сэнсы, якімі мы іх надзяляем. Яны паведамляюць не столькі пра мінулае, колькі пра сучаснасць і, што больш важна, праектуюць нашу будучыню.
У гэтым зборніку нам падалося асабліва важным актуалізаваць еўрапейскую перспектыву беларускай культуры і спадчыны, а таксама пачаць публічнае асэнсаванне самой канцэпцыі Еўрапейскай спадчыны і інструментаў працы з ёй. Еўрапейская спадчына разглядаецца тут у кантэксце трох узаемазвязаных аспектаў:
• як інтэлектуальная традыцыя, якая стала падмуркам развіцця грамадскіх і эканамічных адносін у Еўропе, а таксама асновай еўрапейскай гарадской культуры;
• як сродак пабудовы наднацыянальнай палітычнай ідэнтычнасці - аднаго з падмуркаў Еўрапейскага Саюза, якое рэалізуецца ў такіх праграмах, як «European Heritage Label», «House of Europe», Культурныя шляхі Рады Еўропы і іншыя;
• нарэшце, у якасці сукупнасці лепшых падыходаў і практык працы з культурнай спадчынай, выпрацаваных у вядучых краінах Еўропы і канвертаваных у акадэмічныя праграмы, а таксама нацыянальныя і міжнародныя прававыя акты.