Online ISSN 3030-1351
Пратэсты супраць масавых фальсіфікацый прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі ў жніўні 2020 года і наступнае брутальнае падаўленне ўсеагульнай нязгоды з іх аб'яўленымі вынікамі сталі неверагодным узрушэннем для беларускага грамадства. Гэтае ўзрушэнне выклікала ланцужок значных змен у грамадскім жыцці, адным з якіх стала цікавасць да гістарычнага мінулага і нацыянальнай культуры. Па сутнасці, сёння мы назіраем перазагрузку беларускай дзяржаўнасці. Які ёй быць заўтра, залежыць ад таго, як мы адрэфлексуем нашу ідэнтычнасць і нашае месца ў прасторы і часе. Усё гэта надзяляе публічную дыскусію пра беларускую гісторыю і культуру асаблівай важнасцю. І менавіта размова аб спадчыне, на наш погляд, складае касцяк гэтага абмеркавання. Бо спадчына - гэта не старыя камяні. Гэта - сэнсы, якімі мы іх надзяляем. Яны паведамляюць не столькі пра мінулае, колькі пра сучаснасць і, што больш важна, праектуюць нашу будучыню.
У гэтым зборніку нам падалося асабліва важным актуалізаваць еўрапейскую перспектыву беларускай культуры і спадчыны, а таксама пачаць публічнае асэнсаванне самой канцэпцыі Еўрапейскай спадчыны і інструментаў працы з ёй. Еўрапейская спадчына разглядаецца тут у кантэксце трох узаемазвязаных аспектаў:
• як інтэлектуальная традыцыя, якая стала падмуркам развіцця грамадскіх і эканамічных адносін у Еўропе, а таксама асновай еўрапейскай гарадской культуры;
• як сродак пабудовы наднацыянальнай палітычнай ідэнтычнасці - аднаго з падмуркаў Еўрапейскага Саюза, якое рэалізуецца ў такіх праграмах, як «European Heritage Label», «House of Europe», Культурныя шляхі Рады Еўропы і іншыя;
• нарэшце, у якасці сукупнасці лепшых падыходаў і практык працы з культурнай спадчынай, выпрацаваных у вядучых краінах Еўропы і канвертаваных у акадэмічныя праграмы, а таксама нацыянальныя і міжнародныя прававыя акты.