Трэці выпуск альманаха CTRL+S прысвечаны даволі нечаканай тэме «Утопіі нашай спадчыны». Жывучы ў Вільні – спрадвечным перакрыжаванні еўрапейскіх шляхоў, у віры жудасных падзей апошніх трох гадоў, што ахапілі наш рэгіён, і пазбаўленыя магчымасці дзейнічаць непасрэдна ў Беларусі, мы вырашылі звярнуць увагу на мінулае і будучыню нашай спадчыны. У думках пра гэта мы можам дазволіць сабе раскошу памроіць пра ідэальнае, але адначасова і крытычна, нетаропка паўзірацца ў пройдзены шлях.

Утопія – гэта мара аб ідэальным, аб тым, што ніколі не можа ажыццявіцца. У паўсядзённых размовах выкарыстанне слова ўтопія часта мае негатыўны сэнс. І тым не менш, што, як не прага да ідэальнага, стымулюе нашы роздумы аб тым, як мае развівацца культура і, канешне, якімі павінны быць адносіны грамадства са сваёй спадчынай?

Праца з культурнай спадчынай спрэс грунтуецца на ўтопіях, самая першая з якіх – сама магчымасць спрадвечнага захавання чаго-кольвек. Утапічнымі таксама ўяўляюцца непахіснасць і закансерваванасць таго, што мы захоўваем або магчымасць аднавіць што-кольвек у першапачатковым выглядзе (да чаго часта імкнуцца рэстаўратары). А далей… пастаноўка мінулага «на службу сучаснасці дзеля будучых пакаленняў», ідэалізаваныя ўяўленні аб «залатым веку», зладжаная праца грамадскіх інстытутаў па захаванню каштоўнасцяў, аж да вычарпальнага вывучэння старажытных помнікаў і стварэння новых бескан фліктных методык рэстаўрацыі. Усё гэта па вялікім рахунку ўтопіі!

Як і ў папярэдніх выпусках альманаха, галоўнымі нашымі аўтарамі з’яўляюцца выкладчыкі і студэнты бакалаўрскай і магістэрскай праграм ЕГУ па культурнай спадчыне, а таксама асобы, чый унёсак у справу захавання спадчыны мы вельмі паважаем.

Самы першы позірк на змест выпуска пакажа, што тэмуўтопіі мы збіраемся разглядаць у дзвух аспектах.

Уступны раздзел альманаха названы «Утопіі мінулага». Тут пераважна апісваюцца нашы рэтраспектыўныя адносіны са спадчынай. Пад мінулым спадчыны мы разумеем спробу крытычнага (а можа і самакрытычнага?) падсумавання гісторыі адносінаў з ёй; асэнсавання ролі асобных актараў ды інстытуцый у стварэнні вобразаў мінулага, а таксама кіравання, захавання ды аднаўлення спадчыны ў Беларусі і рэгіёне. Аўтары гэтага раздзела імкнуцца прасачыць, як змяняліся ўяўленні аб ідэальным, кантэксты і мэты захавання, як развіваліся працэсы асэнсавання, інтэрпрэтацыі ды ўзаемадачыненні лакальнага і глабальнага; дзяржаўнага і прыватнага; урэшце навуковага і творчага.

Адкрывае раздзел гутарка з, без перабольшання, патрыярхам літоўскай сістэмы аховы культурнай спадчыны Йонасам Рымантасам Глямжай, былым віцэ-прэзідэнтам Міжнароднай рады па помніках і мясцінах (ICOMOS), які працуе ў гэтай сферы з 1958 года і быў сведкам або нават аўтарам шматлікіх міжнародных і літоўскіх пачынанняў у галіне рэстаўрацыі ды захавання. Істотную ролю ў падрыхтоўцы тэкстаў раздзела адыграла правядзенне ў сценах Еўрапейскага Гуманітарнага Ўніверсітэта трохдзённага семінара «Канструяванне і эфектыўная прэзентацыя гісторыі захавання культурнай спадчыны Беларусі» (5–6 ліпеня 2023 года), некаторыя тэксты да якога тут апублікаваныя.

Другі раздзел альманаха прысвечаны погляду ў будучыню. Змяняецца грамадства, развіваецца культура, эканоміка і тэхналогіі. Усё гэта задае дынаміку сферы спадчыны, нараджае свежыя падыходы і ідэі, у рэшце рэшт – чарговыя ўтопіі. Еўрапейскі Саюз, з’яўляючыся сусветным лідарам па рабоце з культурнай спадчынай, усяляк стымулюе развіццё наватарскіх, крэатыўных практык у працы з ёй. Спадчына набывае новыя значэнні, паўстае ва ўсё больш разнастайных увасабленнях, уцягваецца ў грамадскія і эканамічныя адносіны. Што ж перашкаджае нам ужо сёння памроіць ідэальную будучыню? І нашы аўтары яе памроілі!

Гэты раздзел таксама адкрываецца інтэрв’ю, але ўжо з дзеючай віцэ-прэзідэнткай ICOMOS Рыйн Алаталу, якая распавяла пра бягучы міжнародны парадак дня ў сферы культурнай спадчыны, а таксама падзялілася вопытам постсавецкага рэфармавання сістэмы захавання спадчыны ў Эстоніі – яе роднай краіны. Аўтарамі раздзела сталі таксама куратары тэматычных накірункаў «Спадчына і экалогія», «Спадчына і супольнасці», «Спадчына і лічбавыя тэхналогіі», а таксама «Спадчына і новы дызайн» летняй школы «Культурная спадчына і будучыня», якая адбылася ў ЕГУ летась, 11–16 ліпеня 2022 года.

Трэці, дадатковы раздзел, мы вырашылі назваць «Еўрапейская спадчына ў нас». Яго галоўны матыў – асэнсаванне сябе на перакручастых сцяжынах еўрапейскай цывілізацыі, да якой Беларусь без сумніву належыць. Раздзел адкрываецца запісам дыскусіі паміж выдатнымі беларускімі гісторыкамі, прысвечанай пяцісотгоддзю выдання Малой падарожнай кніжыцы Францыска Скарыны. Гэта дыскусія адбылася 6–7 кастрычніка 2022 года ў Вільні, у шыкоўнай залі адноўленага Палаца Вялікіх Князёў Літоўскіх, на палях вялікай канферэнцыі, што адзначыла трыццацігоддзе нашага Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта. Іншыя аўтары гэтага раздзела разважаюць пра роль Дантэ, а таксама аб феномене беларускай мовы як культурнай спадчыны беларусаў.

Опубликован: 2024-07-27

Спампаваць альманах цалкам

Купіць папяровую версію