Гэты выпуск альманаха "CTRL+S. Спадчына як выпрабаванне" быў задуманы яшчэ да пачатку вайны ва Ўкраіне. Тлумачыўшы патэнцыйным аўтарам сутнасць канцэптуальнай задумы, я прапаноўваў ім прысвяцiць матэрыялы адказу на пытанне: «Што можна рабіць з тым, з чым нічога зрабіць немагчыма?». Пытанне гэтае ў дачыненні да культурнай спадчыны было сфармулявана дастаткова даўно, яшчэ нават да беларускіх падзей. Насамрэч, што можна рабіць з аграмаднай колькасцю беларускіх руін, якія патрабуюць захавання, на якое ў краіне зусім не стае рэсурсаў? Што рабіць з дысананснай спадчынай, якая самім існаваннем аспрэчвае міфы аб «добранадзейным» мінулым? Што, нарэшце, можна рабіць з памяццю, з імкненнем захаваць як мага больш культурных здабыткаў, з непераадольным працэсам распаду матэрыяльных субстанцый і гэтак далей, і гэтак далей…

Хто ж мог ведаць, наколькі балюча актуальным стане гэтае пытанне ў святле беларускага палітычнага крызіса, не кажучы ўжо пра пачатак расійскай агрэсіі ва Ўкраіне! Вайна, адной з важкіх прычынаў якой з’яўляецца непераадоленасць расійскім грамадствам гістарычный траўмы, звязанай з распадам савецкай імперыі, а таксама непрапрацаванасць таталітарнага досведу і крытычны недахоп рэфлексіі над спадчынай расійскага каланіялізму. Ці будзе зроблена калісьці гэта праца? І што наогул з гэтым
можна рабіць?...

А пакуль мы жывем у трагічным віры падзей і ў сваіх тэкстах, у сваёй рэфлексіі не можам перастаць думаць пра важнае: пра вайну, пра палітычны пераслед і масавую эміграцыю, і ў рэшце рэшт – пра
саму беларускую культуру, якая, і так будучы надзвычай уразлівай, сёння ў чарговы раз апынулася ў пераломным моманце сваёй гісторыі.

І ўсё ж, цяжкасць сітуацыі, у якой мы апынуліся (а ёй яшчэ ёсць куды пагаршацца!), можна кампенсаваць сілай нашай надзеі і той працай, якая сёння робіцца дзеля лепшай будучыні. Крызіс, любое выпрабаванне заўсёды спрычыняецца да мабілізацыі. Чалавек у пэўным сэнсе наогул становіцца сабраны толькі тады, калі з’яўляецца нешта большае за яго самога. Гэтае большае можа праяўляцца ў самых розных формах: можа ўяўляць сабой выклік, можа прыгнятаць ці, насупраць – зачароўваць. Важна, што толькі апынуўшыся перад гэтым большым, мы і становімся людзьмі.

Думаецца, што вялікая небяспека цяпер знаходзіцца не толькі там, дзе, як сёння, існуе непасрэдная пагроза жыццю і свабодзе. Цяжар нашай памяці, руіны і недасягальная глыбіня культуры таксама ўяўляюць тое большае, той выклік, знаходзячыся перад якім мы становімся людзьмі. Такім чынам, наша спадчына сама ёсць выпрабаванне.

Аўтары гэтага выпуска маюць вельмі розны досвед і ідэнтычнасці: акадэмічныя даследчыкі, менеджэры культуры, актывісты, студэнты, мастакі. Хтосьці мае вопыт несправядлівага затрымання, нехта з’яўляецца міжнароднай зоркай; некаторыя, наогул, праз небяспеку з-за ўласных тэкстаў, пажадалі застацца ананімнымі.Хтосьці піша па-руску, хтосьці (і ўсё больш!) – па-беларуску ці па-англійску. Але для нас не менш важным з’яўляецца тое, што ўсе яны выкладчыкі, студэнты i добрыя сябры праграм нашага
ўніверсітэта па культурнай спадчыне.

Сёлетні выпуск змяшчае два раздзелы. Назва першага – «Спадчына ў крызісе» – адсылае не толькі да бягучых трагічных падзей, але і да пэўнай вычарпанасці традыцыйных уяўленняў і методык працы са спадчынай. Ён пачынаецца з інтэрв’ю з вядомым украінскім рэжысёрам Сяргеем Лазніцай, з якім мы пагутарылі пра бягучыя гістарычныя працэсы і ягоны досвед кінадакументалістыкі. Наступныя матэрыялы прысвечаны таму, як палітычны крызіс у Беларусі, вайна ва Ўкраіне і пандэмія COVID-19 паўплывалі на сферу культурнай спадчыны. Тут жа – спроба твор чай рэфлексіі складаных пытанняў Беларускай ідэнтычнасці і культуры ад мастакоў Максіма Осіпава і Вікторыі Багдановіч.

Другі раздзел – «Выпрабаванне genius loci» – утварыўся як лагічнае развіццё агульнай тэмы зборніка. Геній месца – гэта не толькі філасофская канцэпцыя, невынішчальная тапаграфічная канстанта, што ўяўляе стрыжань культурнага і сацыяльнага развіцця пэўных мясцін; гэта яшчэ і падыход да навучальнага працэса нашай бакалаўрскай праграмы «Еўрапейская спад чына», арганізаванага вакол стварэння магчымасці (і неабходнасці!) судатыкнення з ключавымі топасамі еўрапейскай культуры. Тут чытач знойдзе матэрыялы студэнтаў і выкладчыкаў ЕГУ, якія ўжо перажылі гэты вопыт і цяпер дзеляцца ўласнымі разважаннямі аб ягонай прыродзе.

Опубликован: 2024-07-25

Артыкулы

Спампаваць альманах цалкам

Купіць папяровую версію